Маладзёжныя пляцоўкі ў гарадскім парку па пятніцах у дні летніх канікулаў сталі ўжо традыцыяй і заўсёды напоўнены весялосцю і карысным вольным часам.

Мінулая пятніца не стала выключэннем: парк ажыў пад гукі смеху і музыкі. Маладзёжная пляцоўка “Планета дружбы” зноў сабрала на танцавальнай пляцоўцы юных калінкавічан.

Асаблівымі гасцямі на пляцоўцы на гэты раз сталі артысты Нараўлянскага раённага дома культуры, якія падарылі зарад пазітыву сваёй палымянай музычна-забаўляльнай праграмай, займальнымі конкурсамі і віктарынамі. Дарэчы, у гэты час нараўлянскую моладзь забаўлялі артысты нашага раённага Дома культуры.

Для аматараў актыўнага адпачынку СДЮШАР №1 падрыхтавала спартыўныя выпрабаванні: вясёлыя старты і захапляльныя эстафеты, дзе кожны мог праявіць свой спрыт і спартыўныя навыкі.

Спалучэнне яркіх творчых момантаў, спартыўнага азарту і шчырых сяброўскіх зносін робіць кожную пятніцу летніх канікулаў па-сапраўднаму асаблівай і запамінальнай.